Wednesday, 10 June 2015

На вечар у сярэднявечча

Пакуль усе тусаваліся недзе на маладзечанскім фестывалі, каларфэсце, у вёсцы ці рыхтаваліся да іспытаў, я накіравалася на фестываль традыцыйнай культуры ў Браславе. "Браслаўскія зарніцы" праходзяць штогод. Апынуўшыся там пяцікласніцай, я сказала бацькам, што, калі яны мяне не завязуць туды ў наступным годзе, я ім гэтага не прабачу. Але зноў паўдзельнічаць у гэтым свяце сярэднявечча ў мяне атрымалася толькі праз пару год, дзе мая любоў да гэтай атмасферы толькі ўзмацнілася, разам з жаданнем перажыць гэта яшчэ раз. 


Убачыўшы згадку пра браслаўскі фестываль на kraj.by, сказала сабе: сёлета паеду хоць на аўтобусе (а сёння даехаць да Браслава на грамадскім транспарце з Маладзечна - штосьці з вобласці фантастыкі; дзякуй Богу, паехалі з камфортам на машыне). Але штораз я бачыла ўсё па-новаму. Дванаццацігадовай дзяўчынкай мне было добра палётаць па Замкавай з брацікам, пазней цікава было павучыцца рамёствам, а сёлета хацелася ўвабраць усё, што было магчыма.


Напэўна, жыццю людзей сярэднявечнага свету не пазайздросціш, але у дваццаць першым стагоддзі гэта выглядае ну вельмі прыгожа. Сярэднявечная вопратка і лад жыцця закранае нешта глыбока ў душы. Спадзяюся праз колькі год стаць часткай гэтага фестывалю ўжо ў іншай якасці. Проста мая мара. Клубы гістарычнай рэканструкцыі, прымеце да сябе? ;)


Поўную праграму "Браслаўскіх зарніц" у інтэрнеце я нешта правароніла, але мая любая бабуля захавала паласу мясцовай газеты "Браслаўская звязда", дзе ўсё было падрабязна напісана.

Яшчэ ідучы на касцёльную плошчу ў надзеі паслухаць беларускія песні ў выкананні харавых калектываў з усёй Віцебскай вобласці, мы сталі выпадковымі сведкамі бязмернай радасці аднаго з ансамбляў:
- Кажуць, пасля пяці мы ўжо выязджаем!
Дружна:
- УРАААААААААААААААА!
Напэўна, добра ў Браславе прымалі канкурсантаў :) Аўдыторыя - пара лавак пенсіянерак, паважанае журы ды іншыя спевакі. А ў некалькіх кроках ад "глядзельнай залі" - надзіманыя дзіцячыя батуты, якія гудуць так, што з іх боку нічога не чуваць.



Таму мы накіраваліся ў музей традыцыйнай культуры, дзе была падрыхтавана новая выстава прадметаў побыту Браслаўшчыны пачатку ХХ ст. Вельмі здзівіла і самалюбства трохі пацешыла, што ў музеі мы былі ці не адзіныя наведвальнікі за ўвесь дзень. Яшчэ раз прабеглі па верхніх паверхах, дзе былі ўжо пазалетась і пайшлі вывучаць побыт пачатку мінулага стагоддзя.



Прыстасаванне для зняцця ботаў "сабачка". ДЗЕ. ЯНО. ЦЯПЕР? Карысная ж рэч!

Пакой музыкі

Пакой швачкі

Хвілін з пяць думала, навошта гузікі на тым самым месцы. Нават адышла разглядаць наступны пакой. Але калі нарэшце зразумела, у чым справа, не стрымалася ад дурнога хіхікання і вярнулася, каб сфоткаць. От ужо гэтыя хітрыя паненкі дваццатага стагоддзя!

Пакой фатографа

На старых фотаздымках (на жаль, толькі там) Браслаў выглядае вельмі заможна.

 Трохі адпачыўшы, зноў вярнуліся да Замкавай гары, таму што а 18-ай ужо пачыналася самае цікавае - свята сярэднявечнай культуры "Меч Брачыслава".





Наогул, фестываль быў міжнародным. На фотаздымку - госці, калі не памыляюся, з Латвіі.



Ва ўсіх клубаў свае знамёны!

"Майстэрня ўражанняў" падрыхтавала тэатралізацыю знакамітай браслаўскай легенды пра паходжанне назвы горада.

Гэта Дрыва, дачка князя Дзвіна, які вельмі сумаваў, што ў яго няма сына-спадкаемца. Ён рушыў у паход, а дачцы наказаў, каб да часу, пакуль ён вернецца, яна знайшла сабе жаніха. Дрыву кахалі тры браты-князі, яна сказала ім, кожнаму паасобку, што выйдзе за таго з іх, хто заб'е двух іншых.

Князь Снуд.

Ноў.

Прыўкрасны Брас.

Снуд і Ноў дамовіліся ўдвух забіць Браса.

Брас тым часам адправіў свайго слугу з нейкім асабістым даручэннем у палац. А каб яго прапусцілі, аддаў свой плашч.

Ноў і Снуд памылкова забілі слугу Браса і ўжо вырашалі бойкай паміж сабой, каму стаць мужам Дрывы і сынам Дзвіна.


Атрымалася так, што яны забілі адзін аднаго адначасова.

Брас даведаўся пра страту любых братоў і вернага слугі і прыехаў у палац.

Дрыва выбегла яму насусрач з весткай, што ён становіцца яе жаніхом. Але Брас адказаў, што такое каханне ад жорсткай княжны яму не патрэбна. Уражлівая Дрыва кінулася ў возера.

Ад гора хутка памерла яе маці Друйка і бацька Дзвін. Князем Браслава стаў Брас, чыё імя дало назву гораду.

Адзін з рамеснікаў змайстраваў з дрэва два мячы: вялікі і маленькі. Вялікі падараваў гораду, а маленькі папрасіў аддаць хлопчыку, які народзіцца ў ноч з 6 на 7 чэрвеня ў Браславе, і пажадаў, каб яго назвалі Брачыславам.

Батлеечнікі з лялькамі. Дарэчы, для дзяцей была спецыяльная пляцоўка з сярэднявечнымі гульнямі і батлейкай. Захопленая насычанай асноўнай праграмай, я так туды і не зазірнула. І нават па рамесніках не прайшлася. У наступным годзе выпраўлюся!

Здабыванне агню старажытным спосабам.

Дзяўчаты стралковага клуба "Залатая Арда" спрытнейшыя за хлопцаў!

Вельмі файныя рабяты з шальмоўскага тэатра "Ды Грыза". Я б назвала іх цёплымі і шчырымі, а таксама вельмі таленавітымі людзьмі. Мала таго, што ўсялякія штукі на хадулях выраблялі, шоу агню ўначы таксама рабілі яны, прычым вельмі прыгожа. Фотак няма: без штатыву нічога не здымеш ноччу прыгожа. Тым больш, я ж не фатаграфаваць ехала, а духоўна абагачацца :)



Жывыя каруселі для дзяцей!

Жадаючыя паспрабаваць :)

Унікальны талент - чалавек, які літаральна за пяць хвілін навучыўся хадзіць на хадулях без падтрымкі!


Далей мы сталі сведкамі сярэднявечнай бітвы. Праўда, зброя была затупленая, але ўсё адно даходзіла нават да крыві. Цікава, што біліся па розных сцэнарах. Лепш за ўсё мне запомніўся "ваўчарня". Галоўная мэта кожнага - выжыць любым спосабам: байцы могуць ствараць суполкі (яны ў іх неяк спецыяльна называюцца, але што ж можа мая дзявоцкая памяць!) ці біцца асобна. Таксама быў сцэнар, дзе ўсе воіны дзяліліся на дзве часткі і ішлі сцяна на сцяну. Выглядае жудасна!





Два ўдары - і ты "мярцвяк".




Потым сцэнар "лвыаолдыьа" (карацей, зразумелі толькі рыцары), калі яны бягуць адзін на аднаго і потым кідаюцца ў абдымкі! Няшна :)


А яшчэ адзін сцэнар - проста шок для гледачоў. Воіны становяцца у круг спінамі адзін да аднаго і па камандзе бягуць на людзей, якія ні аб чым не здагадваюцца. Я ведала гэтую фішку з мінулых "Браслаўскіх зарніц", таму, з абыякавым відам каля агароджы засталася адна: усе астатнія адбеглі прэч.


Пасля была, напэўна, мая любімая частка праграмы. Сярэднявечная музыка ад гурта Lity Taler плюс танцы! Нават не перадаць як я люблю беларускую дуду і танчыць! Таму я кінула рэчы на траву і пабегла ў кола. Адзін з танцаў можна назваць сярэднявечным фітнэсам! Рухі трэба было выконваць вельмі хутка і я сапраўды вельмі стамілася пасля яго. Таму, каб вывучыць наступныя танцы хаця б дома, я запісала на відэа ногі прыўкрасных дзяўчат, што танчылі каля мяне :)





І апошні кадр на маім здымачу - N.R.M.! Пасля шалёных сярэднявечных танцаў скокі пад "Тры чарапахі" сталі апошняй кропляй. Яшчэ здолеўшы атрымаць асалоду ад цудоўнага фаер-шоу тэатра "Ды Грыза", я зразумела, што найвялікшае шчасце для мяне цяпер - проста легчы. 

3 comments:

  1. Replies
    1. Нешта я палову прапусціла!!!! )))))))))

      Delete
    2. Да няма за што! Мне ж у радасць :)

      Delete