Wednesday, 20 June 2018

Каханне і кнігі

Калісьці ў мяне быў гэты блог. Але яго ніхто не чытаў, і я перабралася туды, дзе, мне здавалася, мяне чыталі. Чамусьці хочацца быць пачутым, выкашляць ком словаў з горла, якое ўжо паціху забывае, які ў яго насамрэч голас. (З назірання: найцудоўнейшыя людзі, найдаражэйшыя сябры - тыя, хто ўмее і любіць слухаць)

Вы б ведалі, колькі захавана натхнёных першых сказаў недапісаных неапублікаваных тэкстаў! Цудоўныя сказы. Але ніколі не хапала настойлівасці і імпэту іх завяршыць. 

Вышэйсказанае - эпілог да таго году, што я нічога сюды не пісала. Далей - непасрэдна тэкст.


Каханне і кнігі

З падлеткавых год мне чамусьці здавалася, што гарантам прыгожага кахання з'яўляюцца кнігі: што каб так жа чыста і так жа шчыра, як там, то ў адной руцэ - рука каханага, а ў другой - кніга. 


Магчыма, такому майму разуменню паспрыяў адзін "малюнак з жыцця", убачаны недзе ў 15 год, які дагэтуль час ад часу ўзнікае перад маімі вачыма.



Цягнік Гудагай-Мінск. Канец ліпеня. Раніца. У вагоне натоўп, некаторыя нават стаяць у праходзе ад недахопу месцаў. Спякота. Душна. Мне пашанцавала: я са сваёй цяжкой торбай і гітарай за плячыма здолела прымасціцца на крайчык лавы. 

А каля вакна, адно насупраць другога, сядзелі яны. Сонца села ў яе пушыстыя валасы, быццам яна сама была сабе таршэрам для чытання. Так, вочы іх абодвух былі апушчаны ў кніжкі - і я дагэтуль помню, якія! - яна летуценна пазірала ў акно, перагортваючы чарговую старонку тоўстага зборніка Буніна, а ён час ад часу ўсміхаўся ад радкоў "Дванаццаці крэслаў" Ільфа і Пятрова. Але яны чыталі разам: яе загарэлыя стройныя ногі з квятастай спадніцы цягнуліся да яго ног, і па гэтым канале быццам перадаваліся адно аднаму ўсе іх уражанні і пачуцці. Пара старонак - яны нахіляюцца, коратка цалуюцца і вяртаюцца да кніжак. За паўтары гадзіны яны не сказалі адно аднаму ні слоўца. А навошта? У іх быў свой сусвет, у якім не існавала ні ліпеньскай спякоты, ні цётак з торбамі, набітымі таннымі сукенкамі, сродкамі ад камароў і гумовымі пальчаткамі, ні гагочучых на ўвесь вагон хлопцаў, сусвет, большы за ўсё гэта, дзе толькі яны, іх дотыкі, акно цягніка і сусветы аўтараў у іхных руках.

No comments:

Post a Comment