Я даволі часта задумваюся, што для мяне значыць мой горад. Пражыла тут усё, няхай і не такое доўгае, жыццё, але не адчуваю да яго моцнай прывязанасці, не адчуваю яго сваёй сапраўднай малой радзімай.
Я на сабе адчула, што такое моц каранёў. Гэта падсвядомая сіла, на якую ты проста не можаш паўплываць. Так, мяне больш прыцягваюць месцы, адкуль паходзяць мае продкі. Я ніколі не магла растлумачыць, чаму я так люблю Браслаў. А як яго можна не любіць, калі па яго вуліцах спачатку бегалі маленькімі дзеткамі, потым хадзілі ў школу, а пасля і познім вечарам вярталіся з танцаў мае бацькі!
Я зразумела, што менавіта такой жыццёвай гісторыі мне і не хапае ў Маладзечне. Мне не кажуць: "У гэтым лесе я калісь заблукала, калі каталася на лыжах", "У гэтым доме я пабіў акно ў восьмым класе", "А тут, калі я была такой дзяўчынкай, як ты, стаяла бібліятэка"...
Маладзечна таму для мяне нашмат маладзейшы, чым для іншых яго жыхароў. Гэтае адчуванне яшчэ ўзмацняюць прымаўкі кшталту "Маладзечна малады вечна" :)
Яшчэ ў Маладзечне няма аніякага так званага "гістарычнага цэнтру", усяго некалькі гістарычных помнікаў.
Разумею, што іду на самагубства: мяне зганьбяць усе аматары пафатаграфавацца ў ратондах і пасядзець на "брадвеі", але асабіста мне нашы "дажынкавыя набыткі" здаюцца штучнымі. Дарэчы, гэта адзіны маршрут для шпацыру амаль усіх маладзечанцаў. Хто вынайшаў новы - падзяліцеся, будзьце ласкавы! У моладзі даўно склалася народная прыкмета: "На цэнтр сходзіш - усіх знаёмых сустрэнеш". :) "Красіва жэ здзелалі!" - неаспрэчны аргумент. Згаджаюся. Змаўкаю.
Таму я апошнім часам асабліва палюбіла раён каля свайго дома. Што мне больш за ўсё падабаецца - гэта гук чыгункі, які зусім не перашкаджае, але, калі прыслухацца, то вельмі добра чутны. Не ведаю, чаму грук цягнікоў мне так да душы. Можа, так хоць у думках лягчэй вырвацца куды-небудзь далёка-далёка...
А ўвечары тут лёгка палюбавацца захадам сонца. Самы поўдзень горада, далей ужо на кукішках ціхенька сядзяць маленькія прыватныя домікі, каб ні ў якім разе не перашкодзіць паглядзець кіно з сонцам у галоўнай ролі.
А маё самае любімае месца з усяго горада - мой дом. А яшчэ больш люблю свой ложачак. :) Дабранач!
No comments:
Post a Comment